9 февраля 2010 от hlobus@litara.net
Нарэшце выйшаў каталаг “Беларускі павільён Венецыянскай Біенале”.
Ёсць там разгортка прысвечаная і мне.
Асабліва мяне парадавала, што генеральны спонсар каталога
Амбасада ЗША ў Беларусі ))) Мастакі , якія заплацілі за арэнду і каталог самі,
самаспонсары не генеральныя )
І ўсё ж, выдатна, што каталог выйшаў і выстава тая адбылася,
бо выставу тую лічу асноўнай падзеяй у мастацкім жыцці Беларусі ў 2009 годзе.
Категории: рэклама рэкламы | Нет комментариев
9 февраля 2010 от hlobus@litara.net
2010. Лера і Цютчаў
Загаварыў з Лераю пра паэзію. З натуршчыцаю вельмі добра паразмаўляць пра лірыку. Такія размовы настройваюць на творчы лад. Я сказаў, што перакладаю рускага паэта Мізгуліна, а ў Міці Мізгуліна любімы паэт – Фёдар Цютчаў. “Няўжо сягоння ў некага можа быць любімым паэтам Цютчаў? Неверагодна!” – “Чаму ты так дзівішся?” – “Ну праходзілі мы ў ліцэі Цютчава. Зрэшты, каго мы толькі не праходзілі ў школе і ліцэі… Мы ўсіх іх прайшлі! Мы прайшлі Цютчава! Прайшлі…” Для Леры ўсё дзевятнаццатае стагоддзе, як для мяне і Міці Мізгуліна васемнаццатае, якое і мы прайшлі… Няўжо прайшлі? Чаго дзівіцца…
Категории: Дмитрий Мизгулин, сУчаснікі | Нет комментариев
8 февраля 2010 от hlobus@litara.net
Шэрая акадэмія-павук у Шэрай краіне
У Шэрай краіне ёсць Шэрая акадэмія-павук. У Шэрай акадэміі-павуку працуюць акадэмікі-павукі, дактары-павукі і супрацоўнікі-павукі. Усе яны павучаюць жыхароў Шэрай краіны. Па ўсёй Шэрай краіне ёсць вялікая сетка пучальных устаноў. У іх ідуць непарыўныя працэсы шэрага павучання. Працэсы шэрага павучання ідуць на выдатна! Татальная большасць жыхароў вырастае павучальна-шэрымі і адэкватнымі сваёй Шэрай краіне.
Категории: казкі пра дарослых | Нет комментариев
8 февраля 2010 от hlobus@litara.net
Сава ў сталічным цэнтры
У двары сваёй студыі, на прыдарожным сумёце я ўбачыў саву. Некалькі разоў я нібыта і чуў уночы голас савы, але сказаць з упэўненасцю пра голас савы ў цэнтры сталіцы я не магу. Можа яна і жыла на якой дваровай яліне, а можа і я нешта паблытаў. Пташка ляжала на спіне, колер пёраў і колер снегу былі аднаго тону. У нейкі момант мне падалося, што сава варухнулася. Я нахіліўся і асцярожна ўзяў лёгкае цельца ў руку. Сава была цёплай. Яна была ледзь жывою ці амаль мёртвай, я не доктар, каб вызначыць ступень мёртвасці пташкі знойдзенай на снезе. Але, на ўсялякі выпадак, я занёс саву ў студыю, і паклаў на цёплую падлогу. Калі адыйдзе, дык выпушчу, а не – дык і не. Праз паўгадзіны ў студыю прыйшлі жонка з дачкою, каб паглядзець на дзіва – саву знойдзеную ў сталічным двары. Жонка затэлефанавала сваім аднакурснікам, з якімі вывучала біахімію. Знайшоўся і арнітолаг, які сказаў, што я знайшоў самую звычайную для Беларусі саву. Калі мы яе агледзілі больш уважліва, дык знайшлі і рану на патыліцы. Напэўна, у маім двары нейкая машына збіла сонную саву. Шкада.
Категории: занатоўкі | Нет комментариев
8 февраля 2010 от hlobus@litara.net
Звычайная сава ў маёй студыі. Фота Ядзі Адамчык.
Категории: фота | Нет комментариев
7 февраля 2010 от hlobus@litara.net
Час і пілаванне
Жылі-былі, жылі-былі, жылі-былі, жы-бы, жы-бы, жы-бы, ж-б, ж-б, ж-б… З такімі гукамі Час разпілоўвае сваіх герояў.
Категории: казкі пра дарослых | Нет комментариев
7 февраля 2010 от hlobus@litara.net
Ружовая качачка
У адной дзяўчынкі была любімая цацка – Ружовая качачка. Дзяўчынка, колькі сябе памятала, столькі помніла і сваю Ружовую качачку. Цацка тая была пластмасавая, таму з часам яна і парэпалася, і падрапалася, і пачала страчваць пяшчотна-ружовы колер. Нігледзячы ні на што дзяўчынка любіла сваю цацку, сваю Ружовую качачку. З ёй яна тры разы на тыдзень прымала гарачую ванну. Без Ружовай качачкі дзяўчынка ў ванну ніколі не залазіла. Качачка абавязкова пускалася паплаваць па празрыстай вадзе, перад прыняццем ванны. Паціху-патроху дзяўчынка вырасла ў вялікую і тоўстую дзяўчыну, а яе Ружовая качачка моцна састарэла. Напярэдадні свята ўсіх закаханых і святога Валянціна, дзяўчына, гуляючы па крамах, убачыла чырвоную качачку. Чырвоная цацка была рыхтых Ружовая качачка, адно што колер крыху іншы, крыху цямнейшы і крыху гусцейшы. Дзяўчына набыла сабе новую цацку, а старую яна выкінула ў вядро са смеццем. Увечары дзяўчына пачала набіраць ванну і пусціла па вадзе новую бліскучую чырвоную качачку. Праз нейкі час вялікая дзяўчына распранулася і залезла ў прыемную цяплыню. Дзяўчына выпрасталася і заплюшчыла вочы. Яна не бачыла, як у ванную бязгучна заляцела Ружовая качачка. Яна пачала расці, павялічвацца і шырыцца ва ўсе бакі. Яна павялічылася так, што заняла ўсю вольную прастору ў ванным пакоі. Дзяўчына расплюшчыла вочы і пабачыла вакол сябе старую парэпаную ружовую пластмасу, якая павольна і няспынна наплывала на яе. Ружовая пластмаса націснула на дзяўчыну так, што той давялося сыйсці пад ваду і тамака захлынуцца. Праз якую гадзіну маці тоўстай дзяўчыны знайшла сваю дачку мёртвай у ваннай поўнай чыстай вады, на якой нерухома стаяла Ружовая качачка, Услед за дактарамі, маці палічыла гэтую заўчасную смерць за недарэчны выпадак, які здарыўся ў дзень святога Валянціна, на свята ўсіх закаханых і ўсіх раўнівых.
Категории: казкі пра дарослых | Нет комментариев
6 февраля 2010 от hlobus@litara.net
1986. Вольга, Омфала і супакаенне
Яму было пад трыццаць, ёй – крыху за сорак. “Жанчына пасля трыццаці павінна аддавацца, як Омфала!” – сказала Вольга, скідаючы чаравічкі. Ён нічога не ведаў пра Омфалу, таму моцна напружыўся. Вольга аддалася яму па-просту, як прастытутка. Ён, усё яшчэ напружаны, прыйшоў дахаты, знайшоў у кнізе ружовацелую Омфалу, якая аддаецца загарэламу Гераклу пераапранутаму ва ўсё жаночае, і супакоіўся. З Вольгаю ён больш не трахаўся.
Категории: сУчаснікі | Нет комментариев
6 февраля 2010 от hlobus@litara.net
2010. Сіняк і прах
Усё ў яго пайшло прахам. Слава Сіняк стаў такім няшчасным і такім знябожаным, што яго ўзялі распаўсюджваць на кірмашах квіткі бязпройгрышнай латэрэі.
Категории: сУчаснікі | Нет комментариев
5 февраля 2010 от hlobus@litara.net
2010. Ала Паўлоўская – маральнае ўёбішча
Гераіня тэлетрылера кажа: “Я – уёбішча! Я – маральнае ўёбішча! Я – краду грошы, абвінавачваю ў гэтым крадзяжы сваю найлепшую сяброўку, яе забіваюць у мяне на вачах, я вяртаюся дамоў, адкаркоўваю шампанскае і працягваю жыць, як жыла! Я – уёбішча…” Гераіня, канешне, выдуманая і ніякім маральным уёбішчам яна не з’яўляецца, бо сама сябе асуджае і сама сябе спрабуе выпраўляць. А вось мая знаёмая Ала Паўлоўская – натуральнае маральнае ўёбішча. У дзяцінстве яе ўзялі з інтэрната ў бяздзетную сям’ю. Алу глядзелі і ласцілі, яе вадзілі ў цырк і каталі на поні, яе выпесцілі і выгадавалі. Ала вырасла ў фурыю з нарошчанымі мёртвымі пазногцямі ды гняздом перапаленых рознаколернымі фарбамі кепскіх валасоў на дурной галаве з маленечкімі вочкамі. Фурыя сядзіць і думае: каб мая баба здохла, як было б добра. Такая ў Алы ўдзячнасць за дагляд, за ласку, за любоў – “Каб мая баба здохла!”. Ала – маральнае ўёбішча. Пра свае цяжкія думы Ала Паўлоўская піша ў інтэрнэтдзённіку, каб іншыя маральныя ўёбкі ёй паспачувалі, бо баба жыве і не здыхае ніяк. Можна сказаць, што я выдумаў Алу Паўлоўскую. Але, хіба можна прыдумайць такое маральнае ўёбішча? Адзінае, што варта з уёбішчам зрабіць – змяніць ёй імя і прозвішча, каб не даябалася.
Категории: сУчаснікі | Нет комментариев